Пяць пікантных гісторый, 
якія ўбачылі назіральнікі на 
выбарчых участках у Беларусі

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» шэсць год назірае за выбарчымі кампаніямі ў Беларусі. Напярэдадні чарговых мясцовых выбараў праваабаронцы прыгадалі самыя пякельныя гісторыі з выбарчых участкаў. 


Працэс падліку галасоў паводле ўяўлення тэарэтыкаў — сумная арыфметычнай працэдура. Але на практыцы адважны назіральнік на выбарчым участку можа трапіць у трылер і атмасферу з водарам містыкі. Як галасуюць мёртвыя на сваім пахаванні, цуды банальнай арыфметыкі і вышэйшай матэматыкі, ды фізкультурныя навыкі членаў выбарчых камісій — у аглядзе.

Памерлы выбаршчык з дапамогай камісіі прагаласаваў 
на ўласным пахаванні 
Walking Dead 

Нават славутыя брытанскія навукоўцы б не здолелі патлумачыць тое, што ўбачыў назіральнік ў вёсцы Рум Валожынскага раёну ў снежні 2010 году. Камісія прыехала ў двор, дзе праходзіла пахаванне. Гаспадыня дому ўжо не ў стане была прагаласаваць, але вопытныя члены выбарчай камісіі не разгубіліся. Прафесіяналы паставілі скрыню для галасавання проста на зямлю перад домам, паклалі на яе бюлетэнь і пазначылі ў ім прозвішча «Лукашэнка». Вялікая колькасць сведкаў, што прыйшлі на пахаванне, у выніку назіралі магічны рытуал галасавання нябожчыка. Шматлікая публіка ніяк не засмуціла камісію.


Інфармацыю пра тое, як грамадзяне Беларусі галасуюць пасля сваёй смерці дагэтуль і пазней неаднаразова фіксавалі назіральнікі ў розных рэгіёнах Беларусі. Але ў вёсцы Рум ўпершыню быў паслядоўна зафіксаваны сам працэс галасавання нябожчыка.  

Need for speed
Выбары з хуткасцю
156 чалавек за 10 хвілін 

Здавалася б працэс укідвання паперак і падліку іх мусіць быць сумнай працэдурай, але на беларускіх выбарчых участках у яго імкнуцца паддаць нечаканых інгрыдыентаў. Паводле шматгадовых сведчанняў назіральнікаў за кліматам на беларускіх выбарах на канчатковым выніку адбіваюцца невытлумачальныя фізічныя з'явы.


У горадзе Ліда на ўчастку №17 у 2012 годзе быў зафіксаваны выпадак, калі курэнне назіральніка за межамі выбарчага ўчастку цягам 10 хвілін надзвычайна паспрыяла актыўнасці выбаршчыкаў. Мясцовы жыхар Леанід Анацка з асаблівай цікаўнасцю назіраў за працэсам выбарам да лічыў выбаршчыкаў цягам усяго дня галасавання. Паступова перад яго вачыма прайшлі 850 чалавек, але лічба раптоўна змянілася, як толькі назіральнік выйшаў. Па вяртанні з перакуру ў спісе камісіі ён пабачыў магічную лічбу 1006 ўдзельнікаў галасавання.  

Run Lola Run 
Хуткасныя ўцёкі няпрошанай участковай камісіі ад пенсіянеркі

Мудрагелістыя з’явы на беларускіх выбарах нярэдка прыводзяць удзельнікаў працэсу да думкі пра адмову ад ўдзелу ў рытуале. Участковыя камісіі аднак адважна адстойваюць гонар свайго участку перад вышэйстаячым начальствам. Але часам адвага не ратуе перад націскам грамадзянаў, што абралі для сябе ўдзел у выбарах шляхам іх байкоту.


У вёсцы Прыдняпроўе Аршанскага раёну ў верасні 2012 году назіральнікі засведчылі выпадак, які здарыўся, калі Ўчастковая камісія прыехала з вынасной урнай да пажылых людзей, каб праводзіць галасаванне дома. Як аказалася, многія выбаршчыкі забылі папрасіць выбарчую камісію прыязджаць да іх.


Калі члены ўчастковай камісіі разам з назіральнікам Васілём Берасневым зайшлі на падворак пенсіянеркі Валадзько і рашуча прапанавалі прагаласаваць, аказалася, што яна ўвогуле не збіралася браць удзел у выбарах. Бабуля вырашыла прагаласаваць драўляным калом, які выхапіла з свайго плота. Участковая камісія пабегла на перагонкі. 

Таямнічае знікненне 
старшыні выбарчай камісіі
Lost 

Не гледзячы на зацяглую адсутнасць інтрыгі ў палітычным жыцці Беларусі, працэс выбараў самага рознага ўзроўню можа быць авантурным ды захапляльным відовішчам, не горшым за лепшыя карціны сусветнага кінематографа. 


У верасні 2012 года назіральнік Павел Левінаў прыйшоў на выбары, а трапіў у дэтыктыў на ўчастку галасавання №58 горада Віцебска. Гісторыя працягваецца і цяпер. А пачыналася яна з таго, што пільны Левінаў заўважыў лічбавыя нестыкоўкі ў выніках выбараў, ды на столькі яўныя, што яны ўтварылі склад злачынства на падставе Крымінальнага кодэксу РБ. Фальсіфікацыю выніковых пратаколаў назіральнік пацвярджае запоўненымі бюлетэнямі з подпісамі членаў участковай выбарчай камісіі.


Некалькі зваротаў Левінава ў праваахоўчыя ворганы дагэтуль застаюцца без выніку: міліцыя не можа знайсці былую старшыню выбаркаму Ніну Шыбіну. Таямнічая жанчына працуе намеснікам старшыні ААТ «Малако» «па кадрам і ідэалагічнай рабоце», але ніхто яе не бачыць. 

Гарэлка, піва і віно ў школьных буфетах
 Breaking Bad

Участковыя выбарчыя камісіі ўсхваляваныя занадта нізкай інтрыгай у выбарах не менш за пасіўных грамадзянаў.


Каб падняць градус настрою грамадзянаў пінскае ААТ «Школьнік» абавязала школьныя буфеты ў дзень выбараў мець у продажы па тры гатункі піва, віна і гарэлкі ды па два гатункі каньяку і шампанскага. 

Кампанія «Праваабаронцы 
за свабодныя выбары»
ПЦ «Вясна» spring96.org
viasna@spring96.org +375 17 280 23 11 
Беларускі Хельсінскі камітэт belhelcom.org
office@belhelcom.org +375 17 222 48 00